ТЭРМАЭМІСІ́ЙНЫ ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК ЭНЕ́РГІІ,

прылада для непасрэднага пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную за кошт тэрмаэлектроннай эмісіі.

Найпрасцейшы Т.п.э. мае катод (эмітэр) і анод (калектар), раздзеленыя вакуумным прамежкам і вырабленыя з тугаплаўкіх металаў (напр., вальфраму, малібдэну, рэнію). Да эмітэра ад крыніцы цяпла (ядзернай, сонечнай ці газаполымнай) падаецца цеплавая энергія, дастатковая для ўзнікнення тэрмаэлектроннай эмісіі. Выпрамененыя электроны пераадольваюць міжэлектродны прамежак і трапляюць на калектар. Для атрымання аптымальных значэнняў работ выхаду электронаў з эмітэра і калектара, а таксама кампенсацыі прасторавага зараду электронаў у міжэлектродным прамежку ў яго ўводзяць пару цэзію.

т. 16, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)